ЭФІО́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае частку мацерыка Афрыка на Пд ад пустыні Сахара, паўд. ч. Аравійскага п-ва і в-ва Сакотра. Уваходзіць у біягеагр. царства Палеагею. Э.б.в. падзяляюць на 3 падвобласці: Усходне-Афрыканскую, Заходне-Афрыканскую і Паўднёва-Афрыканскую, ці Капскую (апошнюю часам вылучаюць у асобную вобласць).

Прыродныя ўмовы вызначаюцца рэльефам і геагр. становішчам; клімат пераважна трапічны і субтрапічны. Большая ч. тэр. занята саваннамі і трапічнымі лясамі. У саваннах пераважаюць: з дрэвавых парод — акацыі, дрэвападобныя малачаі, алоэ, баабаб, маслінавая пальма; бязлесныя ўчасткі ўкрыты зараснікамі злакаў (слановая трава, імперата і інш.), шмат цыбульных — лілейныя, амарылісавыя і інш. У лясах каля 600 відаў дрэвавых раслін; наогул з кветкавых трапляецца больш за 11 тысяч відаў. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Сярод млекакормячых (больш за 38 сямействаў) эндэмічныя атр. даманаў, трубказубаў, выдравых землярыек, золатакратоў, гіпапатамы, жырафы, даўганогі, іглахвостыя (шыпахвостыя) палятухі, каля 40 родаў антылоп, кафрскі буйвал, алянькі. насарогі, зебры, гіены, гіенавыя сабакі, віверы. ліс, леў, гепард, леапард, дзікабразы, паўмалпы (пота, галага), мартышкі, чалавекападобныя малпы (гарыла, шымпанзэ) і інш. З птушак (89 сям.) характэрны страус афрыканскі, птушка-сакратар, турака, кітагалоў, цацаркі (больш за 20 відаў), ткачыкі, нектарніцы, птушкі-насарогі, птушкі-мышы, піты, зімародкі і інш. Сярод паўзуноў—хамелеоны, геконы, яшчаркі (у т. л. нільскі варан, даўж. да 2 м), шматлікія змеі (ядавітых больш за 20 відаў), чарапахі, кракадзілы. Сярод земнаводных трапляюцца эндэмічныя шпорцавыя і валасатыя жабы, жывародная жаба, весланогія, чарвягі. Сярод прэснаводных рыб пераважаюць карпавыя; шмат прадстаўнікоў стараж. груп (кісцяпёрыя. мнагапёры. каламаіхт), дваякадыхальныя (пратоптэры), рыбы-матылі, мармірусы, гімнархі, самы (каля 250 відаў, у т. л. эл. сом) і інш. Сярод беспазваночных — разнастайныя скарпіёны. фалангі, павукі, скалапендры; з насякомых — тэрміты (больш за 500 відаў). саранчовыя, жукі (у т. л. галіяф, даўж. да 11 см), муха цэ-цэ і інш. Расл. і жывёльны свет Э.б.в. мае шмат сувязей і пераходных ступеней з суседнімі біягеагр. абласцямі — Інда-Малайскай, Старажытнага Міжзем’я, у меншай ступені — з Неатрапічнай і Карыбскай (гл. адпаведныя арт.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 18, кн. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)